Аўтаматызацыя гука "ш" у складах
- in_nagl
- 5 мар. 2019 г.
- 2 мин. чтения
Обновлено: 15 авг. 2019 г.

Аўтаматызацыя гукаў — адзін з самых стомных этапаў карэкцыйнага працэсу, вынік якога часам складана спрагназаваць. Асабліва складана гэты працэс праходзіць пры такіх цяжкіх парушэннях маўлення, як рыналалія, дызартрыя, заіканне. Для прыцягнення дзяцей да актыўнага ўдзелу ў занятках варта выкарыстоўваць гульнявыя прыёмы, камбінаваць формы работы, мяняць дыдактычны матэрыял.
Самы адказны момант — аўтаматызаваць толькі што пастаўлены гук. Яго вымаўленне вельмі няўстойлівае: дзіця вымаўляе новы гук то правільна, то са скажэннем. На гэтым этапе работы добра выкарыстоўваць дапаможнік з гульнявым полем у выглядзе спіралі, лабірынта, складанага ўзору, па якім можна весці пальчыкам і вымаўляць патрэбны гук .


Для аўтаматызацыі гука [ж] гульнявое поле можа быць у выглядзе кветак, па якім лятае пчолка, збіраючы мёд; для гука [л] — выява аблокаў, злучаных паміж сабой спіральнай лініяй, і самалёта ў кутку гульнявога поля; для гука [р] — выява машыны і гаража на супрацьлеглых канцах гэтага лабірынта. На гульнявым полі дзіця можа дзейнічаць з дробнай цацкай з кіндар-сюрпрыза: жук, лятаючы ад кветачкі да кветачкі, гудзіць; караблік плыве па намаляваным моры, падаючы гудок: “Л-л-л”; вавёрачка, скачучы па намаляваных дрэвах, цокае: “Ц-ц-ц”.
Пры аўтаматызацыі гука ў складах можна выкарыстоўваць заданне на развіццё дробнай маторыкі, графічных навыкаў, пачуцця рытму ў дзяцей. Дзіця прамаўляе склад з гукам [ш] , націскаючы пальчыкам на кнопачку. Колькі кнопачак — столькі паўтораў.
Дзіця намотвае стужачку, вяровачку, шнурочак на пальчык, прагаворваючы склады і чыстагаворкі.
Ша-ша-ша – катаю малыша.
Шы-шы-шы – малога калышы.
Шу-шу-шу – капялюш нашу.
Дзеці малююць плоцік (вертыкальныя палачкі) з адначасовым прагаворваннем складоў.
Дзіця перабірае ружанец (буйныя пацеркі, пластмасавыя пацеркі, нанізаныя на лёску), прагаворваючы маўленчы матэрыял.
Дзеці з задавальненнем спяваюць склады, націскаючы на клавішы цацачнага піяніна: “Ша-Шо-Шу-Шы”.

Дапаможнік “Лесвічка” ўдала выкарыстоўваецца пры аўтаматызацыі свісцячых гукаў. Пальчыкамі ходзім па лесвічках і спяваем патрэбныя склады. У гульні “Песенька” дзіця спявае гукавую мелодыю, выкарыстоўваючы замест слоў склады з гукам, які адпрацоўваецца.
Можна выкарыстоўваць разнастайныя рашоткі для мыцця з мэтай пальчыкавай гімнастыкі (крочачы па клетачках, па кружочках) і прагаворваючы склады.
У час вымаўлення складоў дзеці перакладаюць з рук у рукі, пракочваюць мячык з шыпамі ў вароты.
Калі ёсць метраном, то дзіця можа прагаворваць складовыя рады ла-ло-лу-лы і кла-кло-клу-клы пад зададзены лагапедам рытм метранома. Перадача рытму, рытмічнага малюнка слова вельмі важна пры заіканні, дызартрыі, пры любых парушэннях складовай структуры слова. З гэтай мэтай можна прапанаваць дзецям перадаваць простыя і складаныя рытмічныя малюнкі. Выкарыстоўваюцца зрокавыя мадэлі для перадачы пэўнага рытмічнага малюнка: //-///, ///-//, /-///, ///-/.
Вельмі зручна выкарыстоўваць заламініраванае гульнявое поле (змясціць у файл). На такім гульнявым полі можна маляваць маркерам, фламастарам на воднай аснове. Так, пасля кожнага вымаўленага складу з гукам [ш] дзіця падмалёўвае падмалёўвае нітачкі да паветраных шарыкаў.
Comments